Назаўсёды ў памяці маёй
Вузенькія вуліцы і скверы,
Светлая вясёлка над зямлёй,
Карабель у лужыне з паперы.
Парк цяністы і фантан стары,
Ціхі смех маёй Гараднічанкі,
Замкаў старажытныя муры,
І пахучы бэз каля альтанкі.
Бацька-Нёман мне спяваў у цішы
Песні-калыханкі ноччу цёмнай.
Абудзіўшы памяць у душы,
Б'юцца хвалі ў берагі нястомна.
Замкавая вуліца мая!
Тут рабіла першыя я крокі,
І адсюль праклала сцежку я
Ў свет вялікі. дзіўны і далёкі.
Ад душы хачу я, горад мой,
Пажадаць табе дабра і шчасця
І, каб абышлі нас стараной
Усе нягоды, беды і напасці.
Смела кроч у будучыню ты
І, нягледзячы на ўзрост паважны,
Заставайся вечна малады
І квітней пад небам неабсяжным. Паўловіч Тамара Анатольеўна