Нёманскі шлях

Гэты прыродна-дыдактычны маршрут пачынаецца ў в Дакудава Лідскага раёна Гродзенскай вобласці, вядзе да поймы ракі Нёман, выводзіць на бераг Нёмана і вяртае падарожнікаў у вёску Дакудава, утвараючы, такім чынам, пятлю. Маршрут улучае 8 прыродных, гістарычных і культурных аб'ектаў. Агульная даўжыня маршруту: 10 км.

Нёманскі шлях, які ўлучае ў сябе найбольш цікавыя прыродныя і гістарычныя аб'екты дадзенай мясцовасці, можа быць выкарыстаны не толькі для турызму, але і для атрымання экалагічнай адукацыі і фармавання навыкаў даследчай працы.

У сядзібе «Дакудава» Вы зможаце пазнаёміцца з укладам вясковага жыцця. Гаспадары сядзібы – Юры і Святлана Агаркі сабралі этнаграфічную калекцыю прадметаў традыцыйна-бытавой культуры беларусаў. Гаспадар сядзібы на вашых вачах пакажа «шлях хлеба» ад каменных жорнаў да выпечкі. Гаспадыня раскажа пра традыцыйнае ткацкае рамяство. У сядзібе вы можаце паспрабаваць хатнія сыры, малако, мёд, стравы традыцыйнай беларускай кухні.
Цікавы Гісторыка-краязнаўчы музей Дакудаўскай сярэдняй школы, створаны намаганнямі энтузіястаў-краязнаўцаў: настаўнікамі і вучнямі школы. Экспазіцыя складаецца з раздзелаў: «Наш край (у 20-30-я гг. XX ст.)", "Вялікая Айчынная вайна (1941-1945 гг.)", "Гісторыя стварэння калгаса «Іскра»; «Нашы вядомыя землякі». У музеі сабрана 255 экспанатаў.

Бабровыя хаткі, норы, плаціны
altНаш шлях ляжыць у бабровыя валадарствы. Людзей заўсёды ўражвала працаздольнасць і будаўнічае мастацтва гэтых жывёл. У наваколлі вёскі Дакудава можна ўбачыць як чорнага рачнога, так і рудога балотнага бабра.
Жыллё свае яны будуюць ля самай вады, на берагах ракі Нарва і меліярацыйных каналаў: з галінак і сучкоў, цэментуючы іх глінай і глеем, узводзяць хаткі вышынёй 1,5 м і дыяметрам 2,5 м. Калі жыллё гатова, бабры прыступаюць да будаўніцтва плаціны. Яна бывае ад аднога да сотняў метраў у даўжыню. Гэтыя плаціны перагароджваюць раку Нарву і каналы ў некалькіх месцах ніжэй па плыні ад бабровых хатак. Там, дзе мала корму, бабры не затрымліваюцца. У пошуках ежы або ад перанаселенасці яны наважваюцца на шматкіламетровыя падарожжы па сушы. Спілаваныя іх вострымі зубамі дрэвы, нарыхтаваныя кучы галінак сведчаць пра тое, што перад Вамі бабровыя сцежкі. Па гэтых сцежках бабры дабіраюцца да ўзбярэжжа. На стромкім беразе Нёмана яны капаюць норы, даўжыня якіх разам з адгалінаваннямі сягае 8-10 метраў. Бабровыя хаткі, норы, сцежкі і плаціны – сучаснасць "Бабровага царства". Гэтыя аб'екты цалком даступныя для агляду ў кожную пару году.
Стаянкі першабытных людзей
altУ 1998 годзе супрацоўнікамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі ў пойме ракі Нёман у 1-2 км. на ўсход ад вёскі Дакудава-1 былі выяўленыя стаянкі старажытных людзей, якія адносяцца да бронзавага веку, пра што сведчылі каменныя свідраваныя сякеры, каменная шліфаваная плітка, вялікая колькасць ляпной керамікі, сляды жылля.
Знаходкі датычаць да нёманскай і тшцінецкай культуры, культуры шарападобных амфар. У 2004 г. у той жа мясцовасці былі выяўлены і даследаваны два пахаванні перыяду ранняга бронзавага веку, унікальныя для беларускага Панямоння. У 1955 і 1974 гг. у абрыве правага берага Нёману на ўскраіне вёскі Дакудава-2 археолагі выявілі знаходкі, якія адносяцца да славянскага селішча XI-XII стст. На гэтым месцы быў усталяваны памятны знак, знішчаны, на жаль, пазней невядомымі вандаламі.
Свята-Раства-Багародзіцкая царква
altУ 1838 г. расійскае самаўладдзе зрабіла ўніяцкі прыход у вёсцы Дакудава праваслаўным. У 1865-1867 гг. ў Дакудаве-1 была пабудавана праваслаўная Свята-Раства-Багародзіцкая царква. Гэта помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю.
Паводле царкоўных канонаў царква мае чатырохэлементную падоўжана-восевую кампазіцыю: бабінец-званіца, нізкая трапезная, кубападобны аб'ём малітоўнай залы, абсіда. Сілуэт будынку фармуюць шатровыя скляпенні двухяруснай васьмерыковой званіцы і асноўнага аб'ёму, завершаныя цыбулепадобнымі купаламі на гранёных барабанах. На фоне паліхромнай палітры сценаў, складзеных з гранітных валуноў, вылучаюцца абтынкаваныя элементы дэкору: аркатурныя фрэзы, зубчастыя вуглавыя лапаткі, кілепадобныя рамы аркавых аконных праёмаў, рэльефныя крыжы. Храм дзеіць, нядаўна адрэстаўраваны.
Рэперы «Дугі Струвэ»
На ўскраіне в. Дакудава-1 стаяць рэперы – металічная трынога і бетонны слуп з напісам: "Геадэзічны знак. Ахоўваецца дзяржавай". У пачатку ХІХ ст. навукоўцы шэрагу краін ажыццявілі грандыёзны праект: яны зрабілі з дапамогай геадэзічных прыбораў практычныя замеры акружнасці Зямлі па экватары і даўжыні дугі мерыдыяну.
У месцах замераў па мерыдыяне ад берагоў Нарвегіі да Чорнага мора было ўсталявана 300 спецыяльных знакаў – рэпераў, з іх – 30 у Беларусі, 2 – на Лідчыне, з якіх адзін – у вёсцы Дакудава-1. Замеры, зробленыя пад кіраўніцтвам астранома Васіля Струвэ больш за 200 гадоў таму, былі высокадакладнымі і знайшлі практычнае прымяненне ў розных галінах навукі і эканомікі. Маштабнасць, грандыёзнасць і практычная значнасць «Дугі Струвэ» паслужыла падставай для ўнясення гэтага аб'екту ў спіс ЮНЕСКА сусветнай спадчыны. Рэперы знаходзяцца ў цэнтры поля, якое штогод гарэ СВК «Ёдкаўскі». РУП «Белаэракосмагеадэзія» - уласнік рэпера - плануе ўсталяваць тут памятны знак.
Інжынерна-абарончыя ўмацаванні (доты)

Глыбокі след на гэтай зямлі пакінула Першая сусветная вайна (1914-1918 гг.). Тры гады і тры месяцы Лідская зямля была акупаваная нямецкімі войскамі. З часоў першай сусветнай вайны ў раёне вёсак Дакудава-1 і Дакудава-2 у пойме ракі Нёман ўздоўж правага берагу стаяць доты (доўгачасовыя агнявыя кропкі) – ваенна-абарончыя ўмацаванні.
Большая частка васьмі жалезабетонных канструкцый, размешчаных на адлегласці 4-5 км адна ад другой, разбураныя. Над зямлёй бачная невялікая частка верхніх перакрыццяў. Уваход у доты практычна завалены altабломкамі гэтых умацаванняў. Некалькі збудаванняў захаваліся амаль цалком і даступныя для агляду. Вывучэннем ваеннай гісторыі, у прыватнасці будаўніцтва абаронных умацаванняў у гады Першай сусветнай вайны, займаюцца студэнты гістарычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту пад кіраўніцтвам Сяргея Піваварчыка. Яны плануюць арганізаваць экспедыцыю ў раён вёскі Дакудава для поўнамаштабнага даследавання гэтых аб'ектаў.
Векавыя дубы

Наступны аб'ект на нашым шляху – адзін з шматлікіх невялікіх дробных вадаёмаў у пойме ракі Нёман. На глыбіні 3-4 м тут пасяляюцца расліны, якія цалком растуць у вадзе: эладэя, рагаліснік і інш. Другую раслінную зону ў возеры ўтвараюць расліны з плаваючым лісцем: гарлачык белы, скарбонка жоўтая і інш.
На прыбярэжным плыткаводдзі цягнецца паласа паветрана-водных раслін: трыснёг, мячэўнік, чарот і інш У возеры шмат рыбы.
Калі плывеш па Нёмане, ля вёскі Бурносы на правым беразе бачыш велічэзныя дрэвы – векавыя дубы. На плошчы больш за два гактары растуць не менш за сотку магутных, галінастых волатаў. Адзінкавыя экзэмпляры дуба чарэшчатага дасягаюць у вышыню 30-40 метраў, у абхопе - 2-3 метры. Іх узрост - каля 100 гадоў. Дубовы гай – дуброва шмат'ярусная. Першы ярус складаюць дуб, ліпа, ясень; другі ярус – клён, асіна; трэці - хмызняковы падлесак (каліна, ляшчына, брызгліна, рабіна). Тут водзяцца кабаны і лісы, гняздуюцца дзятлы, салаўі, пугач. У дуброве часта сустракаюцца жаба-рапуха, разнастайныя жукі. У траве можна ўбачыць зуброўку, ветраніцу, мядункі. Дзесяткі раскідзістых дубоў, якія былі сведкамі шматлікіх падзей, што адбываліся тут у далёкія часы, распасціраюць свае галіны над мяккім дываном пышных лугоў. Дуброва на беразе Нёману – рэкрэацыйная зона. Тэрыторыю неабходна перыядычна чысціць ад бытавога смецця.

 

Информация о фирме

Туристическая фирма "Мерцана" - интересные и познавательные экскурсии по Беларуси

  • Tel: +375 29 788 40 14
  • Email: mercana.travel@gmail.com
  • viber, whatsapp, telegram: +375 29 788 40 14

Отзывы клиентов на главной

Top
We use cookies to improve our website. By continuing to use this website, you are giving consent to cookies being used. More details…